Жнівень сорак пятага года

 

Праз папялішчы,
Па колкім іржышчы
Да нашай вёскі ішоў нясмела
Спраўляць зажынкі
Жнівень зжаўцелы.

З галадухі і ён спатыкаўся,
Сляпы.
Лісты-пахаванкі нёс,
Нёс і снапы.

— Гэта табе, цётка Арына,
За сына...

— Гэта табе, дзядзька Яўтух,
За малодшых двух.

— Гэта табе, дзед Атрох,
За трох...

— А табе, Адарка,
Ці ж я вінават,
Прынёс табе, Адарка,
Чорны лістапад.
Што паробіш, гаротка,
Вайна, вайна...
Засталася Адарка,
Ты, як палец, адна...

Хаця перамога
Ускаласіла —
Вёска стагнала
I галасіла.

Бегалі дзеці.
I, як нейкае дзіва,
Зярняты ў прыгаршчах
Трымалі шчасліва.