Маці

 

Старая маці за лучынай
кашулю шые і узор
выводзіць песняй салаўінай,
шляхамі святаянскіх зор.

Сын — вольны сокал — партызаніць,
але настане час, з лясоў
ён у кашулі вышыванай
да маці вернецца дамоў.

А можа, можа злая куля
ўпляце ў узор смяротны цень,
чырвонай ружай на кашулі
кроў дарагая зацвіце...

He, не павінен ён загінуць.
Старая хіліць галаву,
і слёзы на кашулю сына
з вачэй гарачыя плывуць.

Паўночны сон не хмарыць маці.
На шыбах пачынае днець.
Чырвонай ніткаю закляцце
тчэ на кужэльным палатне.

Закляцце ад варожай кулі,
ад лютай смерці, ад пятлі,
ад груганоў, каб праз кашулю.
дастаць да сэрца не змаглі.