Над брацкай магілай

 

Ёсць пад Стараю Русаю
руская вёска Лажыны.
Там, нібы ў Беларусі,
і вербы растуць, і рабіны.
Там жаўцеюць
Прыгожыя
Краскі
За вёскай у лузе,
Там ржавеюць
Варожыя
Каскі,
Нібы ў Беларусі.
Там магіла ёсць брацкая ў лузе
за вёскай Лажыны,
Там хлапцы беларускія
чэсна галовы злажылі.
Мы без слёз іх хаваем,
Памятаем пра свой абавязак,
Нашы слёзы саромяцца
мужных вінтовак і касак.
Мы не плачам, хоць знаем,
не проста салдацкія косці
Засыпаем мы жвірам халодным,
а большае штосьці...
Засыпаем мы твары
з вачамі і вуснамі тымі,
На якіх пацалункі
дзяцей і жанок не астылі.
Жвірам сыплем на рукі,
якія дзяцей тых насілі,
Жвірам сыплем на ногі,
якія паўсвета схадзілі.
Ногі просяцца ўстаць,
яны стомы ў дарозе не чулі,
Ды ўвагналі ў магілу
Іх сілу
Варожыя кулі.
Рукі хочуць яшчэ
да грудзей прытуліць сваіх сірат,
Ды з варожае ласкі паганай
дол цесны ім вырыт.
Хоць прымае іх гэта зямля,
як сыноў сваіх, шчыра,
Але просяць іх вочы
хоць жменьку палескага жвіру.
Толькі дзе яго ўзяць?
Як яны Беларусь пакідалі,
У дарогу з сабою
Мяшэчкаў з зямлёю
Не бралі.
Што ім жменька зямлі той?
Ты ўся ім патрэбна, радзіма,
А ў дарожным мяшэчку
ўмясціць цябе ўсю немагчыма.
Паспрабуй у дарогу забраць
тыя пожні, палі і крыніцы,
Тыя пушчы, што могуць
хіба толькі ў сэрцы ўмясціцца.
Беларусь мая родная,
як жа я рвуся яшчэ раз
Пеша ўсю цябе змераць,
увесь і чабор твой, і верас!..
Сэрца просіць шляхоў,
Што цяжкім маім ботам пад сілу;
Наглытацца хачу туманоў,
Твайго ветру і пылу;
Наглытацца хачу за сябе і за тых,
Што не ўстануць з нябыту;
Вочы просяць нябёсаў тваіх,
Ім твайго не хапае блакіту.

Мы сяброў засыпаем зямлёй —
Ленінградцы, татары, узбекі,
Мы клянёмся варожай крывёй
Напаіць беларускія рэкі.
Мы салют аддаём,
памятаючы свой абавязак,
I не плачам, бо слёзы
суровых саромяцца касак.