Лісты

 

Вы, лісты мае! Колькі вас, колькі
Паабапал траншэй і канаў?
Вас варожыя збілі асколкі,
А не вецер з галін пазрываў.

Вы калісьці з галінамі тымі
Да нябёс дасягалі не раз.
Што ж цяпер парабляеце з імі?
Хто мне, хто мне адкажа за вас?

Мне адказвае ціха з кювета
Ваш абуджаны восеньскі звон,
Што ўжо трэцяе бабіна лета
Вы адвечны вартуеце сон...

Сон тых слёз, што ў лістах пахаваны,
Што скаціліся з матчыных шчок,
Сон крыві, што з салдацкае раны
Пралілася на вас, на пясок.

Гэты сон не парушыць нікому.
Калі ж вораг памкнецца, то ўсе
Вы з траншэй і кюветаў, як з дому,
Хмарай вылеціце на шасэ.

I пакоціцеся ўперагонкі,
Як кацілі раней вы, лісты,
Пачапляўшыся за трохтонкі,
За лафетаў стальныя шчыты.

Свой наказ вам нашэпчуць бярозы —
Не спыняцца ні днём, ні ўначы,
На сабе несучы тыя слёзы,
Тую кроў на сабе несучы.

Сыдзе вораг ад жаху са шляху,
Калі дзьмухнеце буры люцей
Гнеўна ў твар вы яму за знявагу
Разам з грозным агнём батарэй.