Слова невядомага салдата

 

Ты кожнаму слову, патомак,
Што я гавару табе, вер.
Спачатку,
салдат невядомы,
Ляжаў я не тут, дзе цяпер.
Забіты я быў пад Масквою.
I там, не пазнаны нікім,
Засыпаны роднай зямлёю
Быў з імем забытым маім.
Па воінскаму абавязку
На могілку каска лягла.
Ах, вечны грудок мой ды каска,
Пясчаны грудок ды iмгла!
Не проста салдату падняцца
З апошніх пазіцый сваіх...

А толькі са мной не згаджацца
Ёсць права такое ў жывых.

Сягонняшні схоў мой не знае
Нябыту ў глухім бур'яне,
I той, хто ў сталіцы бывае,
Цяпер не мінае мяне.
Праходзіць сівая жанчына,
Што недзе далёка жыве,
I ціха, як роднага сына,
Мяне да сябе пазаве.
Лютуе на вуліцы сцюжа,
А нехта — адкуль жа мне знаць!
Прыпыніцца, іменем мужа
Пакліча з-пад каменя ўстаць.
Я рос сіратою, прызнацца,
Ні жонкі не меў, ні малых...

А толькі са мной не згаджацца
Ёсць права такое ў жывых.

Вякі праляцяць за вякамі,
Пазбыўшы вайну назаўжды,
I, можа, гранёны мой камекь
Грудку пазайздросціць тады, —
Калі ўжо ні сына, ні мужа
Ніхто не пакліча ў бядзе
I памяці колкая ружа
На зорку яго не ўпадзе;
Калі з безназоўных пазіцый
Скрозь каскі праб'ецца імгла,
А лес ёй насення пазычыць,
А сонца — агню і святла.
Я мог бы сасной ці вярбою
Шумець паміж дрэў дарагіх...

Але не згаджацца са мною
Ёсць права такое ў жывых.