Нехта гукае

 

Марна гушчар
Цераблю непралазны,
Выйсця ў святло шукаю,
Чую ў сябе
За спіною выразна —
Нехта гукае...

Хмары аблогам,
Сячэ бліскавіца,
Ў дол карані пускае,
Варта ў нямоце
На хвілю спыніцца, —
Нехта гукае...

Над пагарэлішчам,
Над папялішчам
Печ — быццам здань якая,
Вецер самотна
Ў коміне свішча, —
Нехта гукае...

Хлеба акраец
Вазьму толькі ў рукі
I міжволі чакаю
Голас галоты.
Адчаю і скрухі, —
Нехта гукае...

Здарыцца,
У хадзе падаб'юся,
Смага горла сціскае,
Над прахалодай
Крыніцы схілюся, —
Нехта гукае...

Свет абыду я,
Свет аблячу я,
Дзень апошні спаткаю,
Рукі складу,
I тады я пачую, —
Нехта гукае...