Жальба дзяцей спаленай вёскі

 

— Чаму не паліцца ў печы?
Прастыла — як лёд, чарэнь.
Накрыйце нам коўдрай плечы —
Агонь нас зусім не сагрэў...

— Гуляе вецер па хаце,
Цярусіцца дождж праз столь.
Дзе ўрач у белым халаце?
Агонь не суцішыў наш боль...

— Няма ані сцен, ні вокан,
Па хаце пасвіцца конь...
А цёмна чаму навокал,
Хоць гэтак шугае агонь?..

...Чытаю імёны, даты.
Па колечкі ж ім гадоў!..
Здалося, іх вачаняты
Выглядваюць з-за каміноў.