Каменныя слоўнікі

 

На школьным зялёным пляцы
Статуя безыменная:
На руках
у каменнай маці
Дзіця каменнае.

Цяпер ім агонь не страшны,
Не страшна пекла ім...
Звалі малое –
Ванем? Наташай?
Маці –
Марыляй? Тэкляю?

Радок у радок на плітах
Імёны роўненька –
Навечна
выбітыя з граніту
Ў крывавых прожылках слоўнікі:

Куліна,
Мікола,
Марыся,
Васіль,
Цімафей,
Алёна...

Імёны перабяры ўсе –
І кожнае ў спапялёных.