Руку аднагодак працягвае мне,
Пацісну я куксу ў шрамах, бы ў разорах,
I порахам ды марганцоўкай дыхне
З раённай бальніцы
«палата мінёраў».
Далёка на захад адкочваўся гром.
Гулялі ў вайну мы — у нашых і немцаў,
Вайна ж, пазалёгшы за кожным кустом,
Глядзела навокала позіркам немым.
Мы рана сталелі ў зямлянках сырых,
Але забываліся цацкі няскора.
I рваліся «цацкі»...
I ўрач гаварыў:
— Яшчэ папаўненне ў палату мінёраў...
Здавалася, ў цішы рыпела зямля
На восі, — нібы на пратэзе, — у зморы.
Пасля перавязкі
(ой, раны смыляць!)
Спявала «Арлёнка» палата мінёраў.
Вятрыска лісты нам на шыбіну клаў,
Рабіны рукамі здаровымі гойдаў.
I доўга не мог нас даклікацца ў клас
Той верасень сорак чацвёртага года...
З пустым рукавом сын вярнуўся Дамоў,
А маці, як яблыня, белая з гора...
Хай порахам толькі запахне ізноў,
Вы ўчуеце, хлопцы з палаты мінёраў.
Ты помніш:
асколак абвугліла кроў,
Ты ведаеш міны здрадлівы нораў...
Белабілетная ў дваццаць гадоў, —
Ты ў першым запасе,
палата мінёраў!