Партызанскі урок

 

А як ішоў дадому тата
З атрада —
Чуў я за вярсту.
Казаў, бывала, сумнавата,
Што гледзячы на лес расту...

Мне памяць
I дагэтуль паліць
Па-партызанску кемны ўрок:
— Адзінка —
Бачыш гэты палец,
Якім я цісну на курок...

З лагодным паўтараў дакорам:
— Навуку, шалапай,
Ляйцай.
«А» —
Слуп з падпорай,
На каторым
Павешаны быў паліцай...

Пракуранага пальца порух,
Вачэй цяслярскіх
Сіні гнеў.
Ігліцай хрупацеў мне порах,
I гільзай
Жаўранак звінеў...