Перапёлачка

 

Л. Александроўскай

Пад стукат зенітак з варожага тыла
вяртаўся крылаты савецкі лінкор.
Маланка агністая вочы сляпіла,
і засцілі злосныя хмары прастор.

Пабіты прыборы ў кабіне пілота —
дзе Поўнач,
дзе Поўдзень,
дзе родны Усход?
Радыст з Беларусі,
пракляўшы грымоты,
лавіў галасы незнаёмых шырот.

I раптам,
як голас бацькоўскага дома,
як подых жытнёвых аршанскіх палёў,
запоўніў паўсвету стогн песні знаёмай,
далёкай тугою хвалюючы кроў.

На песню,
і думка і сэрца,
ляціце.
У хмарах, зямляча, шляхі перайнач.
Ты ўбачыў праз слёзы
сасонку у жыце,
пачуў перапёлачкі стомлены плач.