Шпітальным прыуральскім летам
з насценнага календара
лісток звычайны перад гэтым
сарвала ўвечары сястра.
Са мной да поўначы не спалі
ў палаце ціхай землякі,
ударам сэрца бласлаўлялі
удару нашага палкі
і думалі аб тых брыгадах,
што, набліжаючы франты,
на рэках, цёмных аўтастрадах
за Нёманам ірвуць масты.
А дзень устаў з-за плеч Урала —
чырванасцяжная зара
святлом святочным фарбавала
у Мінску ліст календара.
На мыліцах рыпучых,
групай,
забыўшы свой шпітальны лес,
мы абкружылі шумна рупар
і не саромеліся слёз.
Склікалі маршы нас на свята;
здаецца, бачыў цэлы свет
чырвоны сцяг над роднай хатай
і на брані ліповы цвет.