I
Знікаюць даўнія прыкметы
У знаёмых контурах зямлі.
Я пазнаю пагорак гэты,
Хоць травы шорсткія ўзышлі.
Быў тут бліндаж
Пад збітай цэглаю —
Салон без крэслаў і сталоў.
«Зямлянку» — зімнюю элегію
Спяваў камроты Весялоў.
Пасля мінорных дум аб смерці,
Аб завірухах, што мялі,
Жадаў выслоўем ён, каб дзеці
Ўсе кучаравыя былі.
Далёка да вясны і лета.
А ля разбураных хадоў —
Трафейныя веласіпеды
У абрыўках мёрзлых правадоў.
II
На Марыупаль і Адэсу
Вывозяць поўнач паязды.
О, каб сябрам
З-пад траў
I лесу
Туды —
Да той
Жывой
Вады:
Адмыць з вачэй жарству начную,
Сляды бяссонніц і пакут.
Ад правадніцы строгай чую:
— Стаіць наш поезд сем мінут!
Дзяўчаткі. Хлопцы без пагонаў.
Гітар лянівы перагуд.
Адкрыты дзверы ўсіх вагонаў
На сем мінут.
За сем мінут — устаць на ногі,
Сабраць мяшок паходны свой.
Але няма, няма трывогі,
Няма трывогі баявой.
Адна
Яна
Іх падымала
З пасцелі ў восені сырой,
З любога мёртвага прывалу
У бяссонны
Станавіла
Строй.
Мінута сёмая сцякае,
Пусцее ранішні перон.
Вакзальны
Развітальны
Звон.
А поезд — поезд не чакае.
III
Вагоны з песнямі і смехам.
Вы, песні юныя і смех,
Былі тады зямлёй і снегам,
Кастром салдацкім пры сасне.
I мы на гэтым кіламетры,
Ля камянёў і ля жарствы,
Уяўлялі цьмяныя прыкметы,
Угадвалі — якія вы?
...Быў тут бліндаж
Пад збітай цэглаю —
Салон без крэслаў і сталоў.
«Зямлянку» — зімнюю элегію
Спяваў камроты Весялоў.
I ўсё? I ўсё. I ўсе ўспаміны.
Расце трава. Цвіце язмін.
З усіх, хто едзе сёння міма,
Бліндаж той бачу
Я адзін.