З'явіся, новы дзень, пачаткам новым
З світальнай запаведнай чысцінёй,
З забытай песняй, з халадком сасновым
I юны свет адкрый перада мной.
Травой і лесам узышла дарога,
Травой і лесам выспела ў цішы.
Я ведаю: ні сум, ні боль душы
Не вернуць мне, не вернуць мне нічога
З таго, што некалі бяздумна змята,
Знявечана пад дымнай сінявой,
Таго, што ворагам маім узята
У прыгажосці, у любві жывой.
З вышынь гадоў з жыццёвага ўзвышэння
Цяпер гляджу ў стамлёную душу;
I забыцця — прадмовы ўваскрашэння —
Ў цябе, наш век грымотны, не прашу.
Бяру з сабой нялёгкія дарогі,
Сляды пакут, што не датлелі там,
Бяру з сабой бяссонныя трывогі,
А юны свет — я юным перадам.