Абутак шыць — заробак выпадковы,
Падмётак нават драных не дастаць.
А ён даноскі робіць, як абновы,
I штосьці хоча перабудаваць.
Сапраўдны ветэран — якіх нямнога.
3 пратэзам боль прыжыўся да нагі.
Ён верыць і у Леніна, і Бога,
Перабірае «Запарожцу» трыбухі.
Згнілі парогі, голіцца праводка,
Дыміць і пыхкае айчынны драбадан...
Ля выканкома колькі пяцігодак
«Ідэйны» праязджае ветэран.
Шыкоўныя нясуцца «мерседэсы»,
Залоцяцца ў катэджах вітражы...
А на душы — крывавы след пратэза,
I «месеры» ў піке... I прага жыць...
I жыў — каб выжыць, выжыў — каб змагацца.
Змагаецца і сёння ля хлява...
А цыгарэта ўсё не хоча загарацца:
— Скажы, за што, за што я ваяваў?