***
Хто вы, стварэнні,
што п’юць напой, настаяны на крыві сваіх дзяцей?
Вы, зневалёныя драбязгой-медзякамі,
замураваныя ўласнымі рукамі,
закратаныя сваімі ж думкамі…
Хто піша вашыя каноны?
Якія прынцыпы стаяць на чале?
Якая вартасць вашай ісціне?
Здыміце заслоны з вачэй, пачвары прадажныя, –
рэчаіснасць змяніла фарбы.
Дзень адгарыць ужо заўтра.
Сёння – далёка не ўчора.
Сёння – даўно не ваш час,
Сёння – пара дзяцей вашых дзяцей.
Які падмурак вы ім будуеце?
Якім будзе будынак?
Дом без вокан і дзвярэй?
Насельнікі яго – без вушэй, вачэй і мовы…
Якой будзе іх прышласць?
Хто за вас будзе глядзець у вочы вашых унукаў?
Хто?
Адкажыце найперш сабе!
нелюдзі,
што п’юць напой, настаяны на крыві сваіх дзяцей,
напой, што завецца Вольнасць.