***Я цябе, мой сынок, прыгарну

 

***
Я цябе, мой сынок, прыгарну,
Прыкажу (папрашу як крывінкі):
- Ты не пойдзеш, сынок, на вайну!
Не, не зробіш ліхое памылкі!

Ты не будзеш забойцам, крый Бог,
І не станешся мясам арматным.
Не вучыла цябе, далібог,
Каб ты рушыў са зброяй на брата.

Кожны дзень ўсіх святых я малю,
(Я з малітвы свой дзень зачынаю),
Каб не йшоў мой сынок на вайну,
Я цябе, Божа мой, заклінаю!

Пракрычу на ўвесь свет, прастагну:
- Абудзіцеся, людзі, паўстаньце!
Супыніце, прашу вас, вайну,
Навязаную нам супастатам!