Арліны храм. Узмежак беразовы...

 

Арліны храм. Узмежак беразовы.
I твар сялянкі жытна-верасны.
Усё ў адным злілося перазове —
Нашэсце грому, ласкі і вясны!

Шугнула жыта там, дзе спелі кулі,
Дзе раць у раць ішлі на смерць сыны.
Усё ў адным трывожна-гордым гуле:
Нашэсце птушак, думак і віны.

Чый светлы цень гукаецца ў бярозе,
Чыё не ўстала з попелу сяло?
Мы пасядзім з табою на парозе,
Мой крохкі боль і ціхае цяпло.

Франтавікі, Баяны, аднасельцы,
Насельнікі аблок і гарадоў...
Усё ў адным шчасліва-горкім сэрцы:
Гісторыя. Трагедыя. Любоў.