Байцам спявае рэквіем сасоннік...

 

Байцам спявае рэквіем сасоннік,
Карэннем дол сплятаючы гусцей.
А я іх помню юнымі... I сёння
Па нейкіх рысках пазнаю дзяцей.

Малыя хлапчукі... Ды гэта ўнукі,
Сыны сыноў тых колішніх сяброў.
Ужо ў калене трэцім вочы, рукі
I ў жылы перададзеная кроў.

Вітаю вас, пазнаных і падобных,
Без запаветаў гучных і прамоў.
Касмічны век на купінах балотных
Пакажа дапатопных
Журавоў.

Пад выраем вясною лёгка бегчы:
Мо чарадзейнае пяро ўпадзе?
Ракету некалі ў смузе-сінечы
Лягчэй пушынкі хтосьці павядзе.

Якую б даль пазнаць ні давялося, —
А ўсё ж навуку пройдзеце адну:
З драбнюткага зярнятка — ўсе калоссі,
I толькі плуг
узніме цаліну.