Ты ляці, маё слова, праз палі і лясы,
Прывітайся з краінай маёй дарагою.
Беларусь, я — твой воін адданы і сын,
Мае думкі і сэрца заўсёды з табою.
Ты мяне гадавала, ты мяне калыхала,
Ты мне песьні, як родная маці, сьпявала,
Клапатліва зьбірала у шлях.
Як люблю я задумлівы шэлест бяроз,
Хвалі жыта, сьвятло перадранішніх рос
На тваіх аксамітных лугох!..
Цяжка думаць, што там папялішчы і кроў,
І усё, што да болю мне люба і дорага,
Сёньня стогне пад дзікім прымусам зьвяроў;
Што бацькоўская хата зганьбована ворагам.
І калі у паходнай палатцы прысьніцца мне
Сьветлы гай з залатымі суніцамі,
Плёскат сініх азёр на зары,
Сьпеў драздоў у смалістым бары, —
Тады гасьне туга, адыходзіць самота,
Толькі ў сэрцы палае вялікасны гнеў:
Не, ня стопчуць красы тваёй брудныя боты,
Не, народа майго аніхто не сагне!
Ён, магутны, у пушчы адвечныя рушыў,
І легенды лунаюць над роднай зямлёй,
Што адважны Гаркуша
Драпежнікаў глушыць,
Што Кастусь Каліноўскі выходзіць на бой;
Што усталі з магіл партызаны Дукоры,
Каб адвагу у сэрцах юнацкіх расьціць;
Што бушуе і пеніцца Нарач, як мора;
Нёман гнеўна гамоніць і Прыпяць кіпіць.
Веру цьвёрда: сканае бязлітасны вораг,
І штандар перамогі над краем запаліць зару,
Покуль сонца ня згасьне,
Покуль сьвецяцца зоры,
Беларусь не загіне, будзе жыць Беларусь!