Даты

 

Што даты? Гэта толькі вехі
Гісторыі.
А для салдат,
Чые навек закрыты вейкі,
Няма ўжо дат, ніякіх дат.

За рысай той — маўкліва, пуста,
I на дарогах крыжавых
Узводзім помнікі і бюсты
Мы не для іх, а для жывых.

I для дзяцей, каб не зблудзілі
У гушчары нікчэмных дат.
Каб памяць песні нарадзіла
Аб неўміручасці салдат.