Зялёны Мінск, стары твой сад пасекла
Вайна, але ў адным двары сустрэў
Я выхадцаў з распаленага пекла —
Старыя купы даваенных дрэў.
Яны жывуць, і шалясцяць, і свецяць,
Іх цёмная кара ўсмактала горкі дым.
I хочуць расказаць яны пра нешта дзецям,
Але не зразумець іх боль малым.
Іду штодня пад вадаспады лісця
Птушыную паслухаць талаку;
Ды абыходжу дрэва, што калісьці
Падпольшчыка хістала на суку.