Дзяўчаты мыюць танк
Ля Дома афіцэраў.
Стаіць герой атак
На пастаменце шэрым.
Даўно закончан бой,
I танк астыў ад злосці,
Стаў славай гарадской
I часткай прыгажосці.
Дзяўчаты мыюць танк,
Смяюцца без прычыны,
Смяюцца проста так,
Бо сонца за плячыма,
Бо ўжо ў садах балююць
Шпакі,
Бо дзень іскрысты,
Бо танк фатаграфуюць
Замежныя турысты...
А збоку на дзяўчат
У нейкім неспакоі
Глядзіць былы салдат
З апаленай шчакою.