Будуць вечна сады расцвітаць,
Белагрудыя ластаўкі лётаць
I дзявочыя ногі таптаць
Залатую лотаць.
Але гэткай вясны і снам
Не прыдумаць ніколі болей, —
Напаіла сягоння вясна
Успаміны болем.
Росы падаюць з ціхіх траў
На мае армейскія боты.
Растрывожыў, усхваляваў
Дрэў і кветак ласкавы дотык.
Думаў — толькі кроў і вайна,
Толькі жорсткія словы і думы.
Адгукнулася раптам яна,
Нібы рэха далёкае, сумам.
Вось, здаецца, поруч ішла б,
Гарадзіла б дзявочыя глупствы:
«Глянь — з бярозай цалуецца граб»
Ці «Дастань мне вясёлку на хусту».
Не, не прыйдзе яна у лясы:
Там, за фронтам, знаёмая хата...
І птушыныя галасы
Заглушае голас гарматы.