Дарогай салдата

 

Дарогай вайсковай,
Пуцінай цяжкою
Прайшоў ён дахаты
Скрозь полымя бою.
Заныла ад болю
Салдацкае сэрца —
Не выпала доля
З каханай сустрэцца.
Ні звонкага саду,
Ні светлай хаціны,
Ні доўгачаканай
Бялявай дзяўчыны.
А толькі вятры
Праімчаліся з плачам,
На вуснах пакінуўшы
Попел гарачы.
Пакляўся наш воін
Тады прад заранкай,
Што прыйдзе дахаты
Ён разам з каханкай.
З той хвілі
I днямі і ночкаю цёмнай
Шукаў ён дзяўчыну
За Бугам і Нёмнам.
Ішоў ён наперад
Са сцягам чырвоным.
Брылі паланянкі
З прыгнёту-палону
I ў дні дажджавыя,
I ў ночы-завеі.
Пытаў ён пакутніц,
Стаіўшы надзею:
— Мо бачылі Настачку
З вёскі Падлесся,
Што шчокі, як ружы,
Што вочы, як месяц?
Пакутніцы ціха
Шапталі з журбою:
— Ніводнай, ніводнай
Не знойдзеш такое. —
I шчыра казалі
Яму на дарогу:
— Спяшайся, наш браце,
Гаруе іх многа. —
I сёння мы бачым,
Як мужнай хадою
Наш воін праходзіць
За Віслай-ракою.
У месцы праклятым
Панурыя хаты...
Ён мусіць адпомсціць
Ім грозна, заўзята
За гора краіны,
За вочы дзяўчыны.
Адзіная сёння
Ў салдата размова —
Ён грукае ў сцены
Берліна сурова
I верыць, нядарма
Свяціла заранка, —
Ён вызваліць хутка
Сваю паланянку.