Помнік

 

Бор нам сумна хістаў галавой,
Апускаліся нізка аблокі.
На кургане
Пад гонкай сасной
Мы паставілі камень высокі.

Нізка слалі бярозы лісты,
Быццам зналі пра нашую страту.
Мы ж пад зоркай
На камені тым
Напісалі журботную дату.

Хай жа знаюць малы і стары
I, праходзячы, схіляцца шчыра,
Што пад ім
Пахаваны сябры,
Партызанскія два камандзіры.

Каб, здаецца, магчыма было,
Сам бы лёг,
А герояў узняў бы —
Камісара Алеся Бусло
I Бакуру — начальніка штаба.

Помняць іх на дарогах вятры
I далёкія сінія зоры,
Налібоцкія
Пушчы-бары,
Палачанскія нашы азёры.

Як не спалі яны па начах,
Вызваляючы край ад прымусу,
Як вадзілі яны
Па шляхах
Нас на бой за зямлю Беларусі.

Праклялі мы бязлітасны лёс
I глыбока былі засмучоны —
Смерць прыйшла ім,
Калі да нябёс
Развінуўся наш промень чырвоны.

Да спаткання, здавалася, міг,
Мы ўжо воклічы братнія чулі.
На апошняй вярсце
Да сваіх
Іх скасіла нямецкая куля.

Пахавалі на роднай зямлі
Двух герояў з вялікай пашанай
I з гвардзейцамі
Разам пайшлі
Побліз іх на заход партызаны.

Змоўклі бітвы. Развеяўся дым,
Адгрымелі часы баявыя.
Мы ля помніка
Моўчкі стаім,
Прыгадаўшы паходы былыя.

Спяць сябры. Іх спакойныя сны
Мы прыкрылі вянкамі густымі.
Мы б хацелі,
Каб чулі яны,
Як смуткуе радзіма над імі!