На ўсе лады паэмы і быліны
Пяюць: хвала, хвала табе, баец!
А ён у нейкім дорфе за Берлінам
З палёгкай уздыхнуў — вайне канец.
I толькі той адчуе ў сэрцы слодыч
Ад гэтых слоў, ад гэтай цішыні,
Хто столькі год, як ён, ішоў паходам
Праз дзікія смяротныя агні.
Закончаны салдацкія турботы.
Нібы на штык, павесіць на кіёк
Заслужаную пару добрых ботаў
I франтавы апошні свой паёк.
Ён зойме месца сціплае ў вагоне,
Гудок раўне з палёгкаю: дамоў!
Сто колаў паравоз на ўсход пагоніць
Праз гушчары усіх замежных моў.
Рассыпле па мастах густое рэха
Цягнік — і стане светла на душы.
Нямецкія фарсіраваныя рэкі
Ўжо не фарсяць, плывуць сабе ў цішы.
Мінаючы славутыя сталіцы
У зарыве чужых садоў і траў,
Ён будзе пазіраць і сам дзівіцца:
У якую даль захопнікаў загнаў.
Не прынясе салдат з вайны крывавай
Багацця. Прынясе з сабой з дарог
Ён пяць падзяк — пяць звонкіх песень славы.
I водбліск найвялікшых перамог.
А вернецца дахаты — жонцы, дзецям
Найлепшым падарункам будзе сам.
Цяплейшым стане ў тое ранне вецер,
Утульней будзе нівам і лясам.
Ні ордэнам, ні таннай пахвальбою
Суседзям ён не будзе дакучаць.
Пасля даўгіх дарог і перуновых боек
Захочацца салдату памаўчаць.
Чытаючы крыклівыя трактаты
Пра подзвігі свае пра гром атак,
Падумае з усмешкай вінаватай:
«Здаецца, што было у нас не так».
А досвіткам на сенажаць з касою
У новы наступ выйдзе.
Па траве
Яму насустрач з залатой расою
Сто тысяч мірных сонцаў прыплыве.