Калі на Вечны гледзячы агонь...

 

1.
Калі на Вечны гледзячы агонь
Перада мною часам
праступае,
Нібыта кроў праз белыя бінты:
Людзей жывымі, быццам дровы, паляць
Фашысты
раўнадушна,
Што ж тады
Шчаслівых маці іх
я уяўляю,
Калі пад сэрцам носячы яшчэ
Яны пяшчотна ў марах
іх люлялі!
Ці гэта ўбачыць мамы іх маглі
Ў жахлівым сне,
Бы так магло прысніцца,
Што ім дзяцей не прыйдзецца раджаць,
А давядзецца нелюдзьмі шчаніцца?!
Ну як тады не будзе у мяне
На часткі свету
разрывацца
сэрца,
Калі мне крэматорыем для дрэў
Падчас у хаце наша печ здаецца?!
I мне тады здаецца
сам агонь,
Што чалавечна
Вечным тут названы,
Зу мукі стаўшых дымам
да скалы
Халоднай і шурпатай
прыкаваным.
I прыкаваным так, як Праметэй,
Што ўкраў яго для нас усіх з Алімпа
Не для таго каб ён людзей паліў,
А для таго каб стаць людзьмі змаглі б мы!

2.
Калі ж на Вечны гледзячы агонь
Iду да іх
па успа-
мінным полі,
Хоць ведаць іх жывымі я не мог,
Iх, хто з агню
Параненую волю
Нам вынеслі, як сябра, на руках,
То сам я тут надоўга станаўлюся,
Як плачу перакладчык,
Як званы,
Што языкі пужліва не прыкусяць,
Пра мужных іх расказваючы
I пра маці,
Што ўсё б’юцца ўдзень і ўночы
Аб іх сцяну маўчання.
Я ж стаю
Без слёз.
Як дзве слязіны, самі вочы.
Я ля падножжа
Вечнага агню
Стаю тады.
Хоць ён у грудзі б’ецца
Планеце
невялічкім камячком.
I ён мне ў сумны час такі
здаецца
Запаленым ад сонечных іх душ,
Чые імёны вунь на абелісках.
Запальваюць ад сонца ўранні так
У мірны час
Агонь наш алімпійскі.