Печы

 

Па ўсёй Беларусі бяздомныя печы,
Стаялі ад гора ўчарнелыя печы,
Што больш ім малеча
Не ўзлезе на плечы,
Што болей не грэць ім
І костак старэчых.

Здавалася – слалі нямыя праклёны,
Што больш гаспадыням не біць ім паклоны, –
Не будуць ад ранку ля іх завіхацца,
Як быццам у нейкім абрадавым танцы.

А будуць вялікія святы надходзіць, –
Не стануць для іх мел, ці вапну разводзіць,
Каб печы на свет весялей паглядзелі,
А толькі зіма ўжо іх снегам пабеліць...