ПЯХОТА

 

На ўскрайку Еўропы
І ў цэнтры Еўропы
Іваны, Пракопы
Капалі акопы.

Падчас на Каляды,
Парой на Купалле
Пад неба паглядам
Акопы капалі.

Знаходзіў бывала,
Капаючы, хтосьці
Мінулай навалы
Салдацкія косці.

І гнулася зноў жа
Дадолу пытанне:
Акоп гэты, можа,
Магілай мне стане?

Лячыліся жартам
Ад скрухі, знямогі:
– А раптам ёсць скарб тут
У фонд Перамогі!

– Капайма, пяхота, –
Акопіны будуць!
Яшчэ каля хаты
Капаць будзем бульбу!..

… У цэнтры Еўропы,
Й на ўскрайку Еўропы
Капалі акопы
Вайны далакопы!