Географы!
Кіньце старыя падручнікі
На сметнік ці ў печ.
Вы нямала наблыталі.
Усё перайначана і перакручана
У вашай навуцы вялікімі бітвамі.
Крытычна пара навуковую спадчыну
Усю перагледзець.
Памылкі засведчу я.
Вайна нанялася ў мяне за выкладчыцу,
I стаў на вайне я выдатным даследчыкам.
Не раз па-пластунску па нівах мы поўзалі,
Рукамі абмацвалі купіну кожную,
Размову з дубамі вялі і бярозамі,
Выпытвалі праўду у багнаў і пожняў мы.
Сцвярджаеце вы:
На Палессі, на Піншчыне, —
Тарфяныя залежы для прамысловасці.
А мы адшукалі пад папялішчамі
Нянавісці залежы ў гэтай мясцовасці.
Вы нудна пісалі пра нашы паселішчы:
«Стаяць каля рэк, на пагорках,
пад сонейкам...»
А думалі вы, што народ пераселіцца
У пушчы глухія, гаі і сасоннікі?
Знішчаў у агні ён багацце нажытае,
Быў сыты не хлебам, не салам, а помстаю.
Аблавай на гада хадзіў ён і літарам
Вучыў дзетвару на паперы бяроставай.
Паказвалі нам на Дзвіну і Дняпро вы:
Напоўнены рэкі дубамі і вязамі.
А сёння плывуць не бярвенні, не дровы —
Плыты мёртвых катаў, жалезам павязаных.
А Прыпяць?
Па-вашаму — ціхая, прэсная,
Дзе рыба і ціна гадамі спрасованы.
А ў Прыпяці вусны пясчаныя трэснулі
Ад смагі,
I просіць вады непрасоленай
Яна галасамі засмяглымі кнігавак.
Тут слёзы сцякалі.
Хто раз тут памыецца,
Таго галава белай соллю пакрыецца.
I гэта занесці патрэбна у кнігу вам.
Хадзіла легенда, што край наш не славіцца
Вулканамі грознымі,
Землетрасеннямі.
Спытайце ў фашыстаў — яны вам
прызнаюцца,
Як трэсла зямля іх начамі асеннімі.
Зямля іх усюды глытала праваламі,
Гарачай лавінай зямля залівала іх.
Яны ад адчаю не раз тут слязу лілі
I лепш бы згадзіліся жыць на Везувіі.
На картах рудых, недакладных ад старасці,
Абшар пад пясок ці траву заштрыхованы
Змяніце!
Цяпер тут бясконцыя зараслі
Крыжоў, пад якімі тэўтоны пахованы.
Пакуль будуць новыя кнігі напісаны
I новыя карты даставяць па плану вам, —
Чытач, я знаёмлю з агульнымі рысамі
Маёй геаграфіі, створанай нанава.