На суровым сваім рубяжы...

 

На суровым сваім рубяжы
Горад падаў грымотнай сцяною.
З камяніц паляцелі стрыжы
Проста ўвысь, проста ў неба начное.

Білі ўнізе агню языкі,
I стагнала зямля валунамі,
А яны паміж зорак луналі,
Бы счарнелыя маладзікі.

На далёкай на той вышыні,
Дзе ні гулу, ні гуку, ні кулі,
Птушкі сховішча ў небе знайшлі,
На ляту птушкі ў небе заснулі.

Сон такі незвычайны — крыло
На струмені маўклівым, як вечнасць.
I паветра іх пругка нясло
Як далей ад бяды чалавечай.

Да людзей горад новы прыйшоў.
Толькі дзесьці высока ў блакіце
Спяць стрыжы... He будзіце стрыжоў,
Душ адвеяных не разбудзіце.