Не, гэта не апошняя аповесць,
I летапіс яшчэ не скончан мой.
Над рыжым лугам, над ракою Полісць
Тры дні хрыпіць цяжкі і душны бой.
Мы чуем голас твой, Старая Руса.
Ідзём мы да цябе, Старая Руса.
Няма нам сну: ў нямецкіх ты руках.
Ў адной шарэнзе рускі з беларусам
I побач з украінцамі казах.
Тут кожны хоча уварвацца першым,
Нібы свой дом у гэтым гарадку,
Нібы там кат сабраўся зараз вешаць
Каханую, ці жонку, ці дачку.
На вогненнай зямлі ў сталёвым свісце
Тут кожны воін б'ецца за траіх...
Як мала сіл, каб стаць іх летапісцам,
Як мала слоў, каб расказаць пра іх.