Грозных танкаў сталёвыя жэрлы
Прапаролі шкляны небасхіл.
I вада яшчэ дробна дрыжэла,
I зямля ляжала без сіл.
Запяклася на ўскрайках варонак,
Як на вуснах, чорная кроў.
А на захадзе ў дыме чырвоным
Бой жалезным голасам роў.
Той часінаю з пушчы сіняй
Сцежкі родныя прывялі
Маладую жанчыну з сынам
На гарачы кавалак зямлі.
У знямозе на камень села,
Попел босыя ногі пёк,
На пажарышча доўга глядзела
I шаптала: «Сынок!.. сынок!..»
Ані хаты, ані павеці —
Голы комін ды цішыня...
А тым часам трывожны вецер
Хмары чорныя ў гурт зганяў.
I навісла цяжкая хмара,
Каб пад сінім агнём бліскавіц
Дружным залпам дажджу ударыць,
Мёртвы попел з руінаў змыць.
«Дзе знайсці прытулак для сына?
Дзе схаваць крывінку сваю?»
I убачыла раптам жанчына
Танк, паранены у баю.
Ён стаяў, велізарны, зялёны,
Каля чорнай абвугленай ліпы.
Шалупайкі жоўтых патронаў
Да падбітай лапы наліплі.
Але велічы ён не страціў,
Быў пагрозны ён і ў бядзе.
Узнялася сумная маці
I да танка з сынам ідзе.
Скрыпнуў танк ёй: «Залазь, я рады.
Гадам сцен маіх не прабіць...»
Дзе ляжалі радком снарады, —
Дзіцянё бесклапотна спіць.
Мог бы танк той жанчыне з пушчы
Расказаць, як чужынцаў біў,
Як фашысцкія косці трушчыў,
Як варожыя танкі давіў.
Ды не трэба... Яна заснула
Першым вольным, спакойным сном.
Сніла добрыя сны і не чула
Паядынку танка з дажджом.
Як, узняўшы сталёвыя біўні,
Ён, жартуючы, адбіваў
Залатыя атакі ліўняў
I маланак вогненны вал.