Палескі напрамак

 

Палескі напрамак!
Я ведаў цябе не па картах.
Я ведаў твой воблік і пах,
Твае пачастункі і жарты.
Тут кожная цаля зямлі мяне запрашала: «Любуйся,
Як плешча шчупак у аеры,
Як мерыць тарфянішча бусел».
Палескі напрамак!
Сюды па легенды і казкі
Калісьці хадзіў я па кладках між багнішчаў
гразкіх.
Сюды па шырокіх гасцінцах я ездзіў
па новыя песні.
Мяне сустракала гасцінна, як сына, Палессе
Ягаднымі лясамі,
Чырвонымі паясамі,
Дзявочымі галасамі...
Палескі напрамак!
Ляжыш ты ізноў прада мною,
Засыпаны лістам кляновым,
стаптаны вялікай вайною...
Прыйшоў і жахнуўся —
Мне вочы уласныя хлусяць!
Дзе людзі?
Дзе хаты?
Дзе гнуткія вербы у лузе?
Ці ж мёртвая гэта пустэля — маё залатое Палессе?
Ці ж карканне тлустых варон —
твая прывітальная песня?
Ці ж попел счарнелых руін — твая маладая аздоба?
Каму пакланіцца?
Каму мне сказаць свой «дзень добры»?
У першым сяле нас сустрэла
адна усяго маладзіца —
Змярцвелай рукой прывітала
з высокай сухой шыбяніцы.
У гнёздах няма птушанят,
I сонца няма у крыніцах.
Ні бору, ні зораў — раскралі усё чужаніцы.
Пагналі на захад дубровы, пагналі на захад лясы,
Павезлі у цёмных вагонах дзявочыя галасы.
Вось тут два дубы пабрылі,
тут крочыла маці з малымі.
Дымяцца слядоў ланцугі — і мы ўжо
прывязаны імі...
Была цішыня пасля бою.
I першая зімняя хмара
Маўкліва спусцілася з неба
на рыжую скуру імшары.
Снег белымі іскрамі ціха на мёртвыя косы злятае,
На вочы мае ападае і кроплямі горкімі тае.
Не сыпцеся, снежныя кветкі!
Убранства не просяць руіны.
Ідзі, маё гора, са мною па шчасце, па сонца краіны.
Ідзі, маё гора, па следу нявольніц-сясцёр
аж да Эльбы.
Страляй, маё гора, без стомы па катах
з гарматаў і стрэльбаў.
Каб кожнае рэха ад стрэлу балючыя раны гаіла,
Дубровы ўзнімала на пустках і сонцам руіны паіла.