Раскажы ты мне, дзед, пра вайну

 

Прысвячаю свавйму дзеду Самчуку Станіславу Якаўлевічу

Раскажы ўсім пра тое,мой дзед,
Як галосяць Хатыні званы,
Як пажарышчы засцілі свет,
Калі йшоў ты дарогай вайны,

Як разносіў па жытніх палях
Вецер попел людскі,як пясок,
Пра Дахау,Майданека жах,
Пра фашызма карычневы змрок,

Як ў жалобе схіляліся ніц
І палалі крывёй верасы,
Як ад Смерці чарнюткіх вачніц
Пасівелі дзяцей валасы,

Раскажы.як яўрэйскі хлапчук.
З ярка-жоўтай звяздой на спіне,
Уцякаў ад пакутаў і мук.
Ён застаўся на гэтай вайне.

Раскажы,як матулі крычаць
Над цяламі забітых дзяцей,
І як бомбы з нябёсаў ляцяць
На галовы няшчасных людзей.

Няхай словы гучаць,як набат,
Успамін папярэдзіць сусвет.
Ты-наш сведка,і ты-наш Салдат.
Раскажы ўсім пра гэта,мой дзед.