Можна боль заглушыць і суцішыць вялікае гора,
Можна жыць у разлуцы,
далёка ад родных прастораў,
Аднаго не забыць, аднаго у душы не закрэсліць —
Гэта нашу нянавісць, якую праз бой мы пранеслі.
Тут спалучана ўсё: ярасць грому і гнеў бліскавіцы,
I найлепшыя мары, і сны, і празрыстасць крыніцы.
Ты, нянавісць,
трывожыш агнём незгасаючым сэрцы,
Ты Тышкевіча Сашу вядзеш на дарогу бяссмерця.
Саша... Жвавы хлапчук...
Чатырнаццаць гадоў адзвінела,
Чатырнаццаць садоў адцвіло, —
і тады зашугала вайна.
Цераз родны парог уваходзіць у хату ён смела,
Кліча маці, ды мёртвай ляжыць на падлозе яна.
Любы бацька, і брат,
і сястрычкі штыкамі заколаты,
Паламана калыска, на кнігах — забойцаў сляды.
У такую хвіліну сівеюць ад жаху сады,
У такую хвіліну нядужы становіцца волатам.
Не крычаў і не енчыў,
толькі вочы заплюшчыў ад жалю,
Дзве слязінкі, як іскры, на матчыны вусны упалі.
«Мама, мама, устань!» — і павекі матуля раскрыла
I на помсту страшэнную мёртвай рукой блаславіла.
I пайшоў ён у Жлобін, рашучы і узмужалы,
Па знаёмай дарозе, размолатай танкамі ў пыл.
А кругом у красе дарагая радзіма ляжала,
Зелянела атава, залацелі пад сонцам спапы.
Ён стаяў на рагу, непрыкметны, каля камяніцы,
I дзіцячыя чыстыя вочы глядзелі журботна наўкол.
I не ведаў ніхто, што ў вачах гэтых бура таіцца,
Што увесь ён напоен нянавісцю спаленых сёл.
Глуха скрыгалі танкі, грукаталі нямецкія боты.
Ён стаяў, ён чакаў, ён згараў у агні завірух.
Дзе ж яны? Дзе ж забойцы? —
і выехаў з-за павароту
Афіцэрскі аўтобус са зграяй кляймёных падлюг.
Надыходзь жа хутчэй, баявая святая расплата!
Дваццаць крокаў, пятнаццаць... і помста
зрываецца з рук.
Банду псоў ашалелых ушчэнт спапяляе гранатай
Мужны Саша Тышкевіч і падае мёртвы на брук.
I стаялі над трупам героя тупыя ад злосці
Немцы. Страх ледзяніў іх звярыную кроў:
«Калі дзеці савецкія гэтак бязлітасна помсцяць,
Колькі ж гневу тады і адвагі у іхніх бацькоў!»