Сінія касачы

 

А калісьці і я прачынаўся у бацькавай хаце.
Чэрвень. Раніца. Росы і цішыня.
На гародзе спявае паціху маці
Пра маладога жаўнера, пра гнядога каня.

А над вокнамі мята п'е сонца гарачае,
I глядзяць мне у вочы красой нерастрачанай
Сінія касачы.

Маладосць з краю у край мяне весела кідала,
Колькі кветак дзівосных пабачыў і змяў!
Ля адных вырашаў, што бадзяцца абрыдла,
Каля іншых шаптаў я чыёсьці імя.

Любаваўся, глядзеў на краіны я розныя,
А пісьмо ад сястры напявала пра росныя
Сінія касачы.

Не паспелі у шчасці як след пакупацца мы, –
Бомбы свіснулі, пырснула першая кроў.
Хата вочы закрыла дашчанымі пальцамі,
Каб не бачыць гора гаспадароў.

Прашаптала матуля на ростані: «Лёс такі!..»
I прыніклі журботна да градак пялёсткамі
Сінія касачы.

Пяць франтоў мяне пылам гарачым абсыпалі,
За вайну перамерана тысячы вёрст.
З успамінамі крочыў пад ветрамі сіплымі
I з надзеяй на студзеньскім холадзе мёрз.

I заўсёды здалёк, праз прасторы вялікія
Усміхаліся мне і дамоў мяне клікалі
Сінія касачы.

Нехта бруднымі ботамі, пэўна, іх вытаптаў,
Выбіў градкі, спаліў невысокі паркан.
I не мае аздобы зямля працавітая,
I сумуе па кветках маўклівы туман.

Прыйдзе час – зноў збудуем мы хаты утульныя,
А цяпер – біць дык біць! I за слёзы матуліны,
I за сінія касачы.