Сівая жанчына стаіць ля крыніцы,
Над ёю плывуць сакавіцкія хмары.
I глянуць жанчына ў крыніцу баіцца,
Баіцца пазнаць нечаканую старасць.
З вялікай вайны гаспадар яе прыйдзе
З тугою па хаце, па жончынай ласцы.
I зморшчыны могуць салдата пакрыўдзіць
Кахаюць да старасці толькі у казцы.
I можа, яе не пазнае сівую,
Абкрадзеным некім сябе ён палічыць.
Ды стукнула сэрца салдаткі: «Жыву я,
Каб шчасце вярнулася на папялішчы...»
Жанчына сабрала апошнія грошы,
Сем яблынь купіла і сад пасадзіла:
«Расці, мой зялёны, цвіці, мой харошы!» —
I сад развінуўся вясною надзіва.
I сад развінуўся, ліствою багаты,
На сажань углыб заплялося карэнне.
Вяртайся, мой родны, дадому, дахаты —
Не попел, а сад цябе дома сустрэне.
I здасца табе ў гэтым садзе вясною,
Што родны куток зноў утульны і светлы,
Што жончыны косы не сівізною
Пакрыты, а белым антонаўскім цветам.