Перайшлі мы палі,
Абышлі гарады,
Разам зналі баі і хвіліны зацішку,
Не забудзем мы гэтыя, дружа, гады,
Што зраднілі нас
Быццам ад самай калыскі.
Я трывогу тваю зразумеў па вачах:
Яна ў сэрца маё западае глыбока,
Мне вядома, чаму ты не спіш па начах,
А за думкамі следам вандруеш далёка:
Цераз рэкі, масты,
Цераз пушчы, кусты.
Дзе пяшком,
Дзе прамчышся на ўспененых конях.
I здаецца табе —
Над палеткам пустым
Па-самотнаму сёння
Жаўры-птушкі гамоняць.
Не, мой браце, то лёд зазвінеў, растае,
I табе ўжо вядома,
Да болю вядома,
Што не жаўры пяюць, —
Гэта птушкі твае,
Гэта Петрык і Насця гукаюць дадому:
— Татка!.. хаткі няма...
Мы адны...
Цёмна, цёмна ў зямлі, —
Ні дзвярэй, ні аконца... —
Ты іх бачыш, —
На ўскраіне лесу яны,
Як пралескі, з-пад снегу ўзняліся да сонца.
Ты не спіш,
Ты ўстаеш,
Ты да бою гатоў.
Перарэзана сэрца жалобаю вострай.
Ты спяшаеш,
Каб зноўку на многа нітоў
Заснавалі жыццё нашы маці і сёстры,
Каб забыліся дзеці на гора і жах,
Каб прыйшлі на парог,
Зноў табой збудаваны,
Каб ім поясам слуцкім раскінуўся шлях,
Васількамі і промнямі ранку затканы.
Ты вінтоўку бярэш.
Ты ідзеш
У паход.
Ты з баямі знаходзіш на захад дарогу.
I ніякі пілот,
Нават кулі палёт
Абагнаць тваіх думак дахаты
Не могуць.