Ты ўсхопішся ранкам, нікім не разбуджаны,
I з сэрцам трывожным падыдзеш да радыё.
Чакаеш. Так, пэўна, чакае асуджаны,
Каб прыгавор апраўданнем парадаваў.
Сябе суцяшаеш зацяжкай махорачнай,
I выраз вачэй тваіх шчэ не акрэслены...
На поўдні ад сонца і выбухаў горача,
Над славай казацкай сякера занесена.
Крывёю заліта трава прыдарожная,
Пшаніца патоптана, дым над сялібамі.
З гранатай ля сэрца пад танкі варожыя
Кладуцца байцы непраходнымі глыбамі.
Суровыя весткі і думы суровыя.
Не зломіць нас вораг ніякімі бедамі!
I ўвесь ты падцягнуты і падрыхтованы
Да працы, якая спачыну не ведае.
Выходзіш. Хвіліну глядзіш, як хістаюцца
Пад ветрам асіны над скошанай пожняю.
Праходзяць суседзі і ціха пытаюцца
Пра Дон і Растоў, пра навіны апошнія.
Іх рукі і вусны да мулкасці жорсткія,
I ў кожнага вочы — надзея у хворага.
«Спакойна, таварышы! Землі прыдонскія
Сягоння гараць пад нагамі у ворага».
Хто ў кузню, хто ў поле — усе разыходзяцца
Упарта каваць перамогу агністую.
I нечыя словы па сэрцах ўжо коцяцца:
«Нічога, таварышы, вынесем, выстаім!»