Ты кажаш, я не ведаю вайны,
Што мне было тады гадоў замала.
Чаму ж яна мае забрала сны?
На ўсё жыццё наперад сны забрала?
Чаму ж амаль не кожнае начы
Я прачынаюся, скаваны жахам?
Хачу ад смерці лютай уцячы —
I стрымгалоў бягу аўсом няжатым,
Паўзу бульбянішчам па баразне,
Да хмызняку куляюся па пожні,
Але ратунку мне няма і ў сне —
У вочы стрэл грыміць у міг апошні...
Я ведаю: пазбыцца гэтых сноў
Не дапаможа мне ніхто на свеце.
Я буду трызніць імі зноў і зноў,
Яны — мае навек, да самай смерці.
Застаўшыся з маленства на вайне,
Я аднаго хачу, мая краіна:
Каб гэта скончылася ўсё на мне.
Каб гэта ўсё не стала доляй сына.