У партызанскай пушчы ў снежны вечар,
На нізкіх нарах пасярод зямлянкі,
Стары Сяткевіч — знакаміты фельчар —
На плечкі шчупленькія
ставіць банькі.
Ён совае маленькі факел сіні
У калпачок шкляны, і спрытна лепіць
Паміж лапатак, і перад усімі
Бурчыць на маці: «Апранала б лепей...»
Каржакаваты і калматабровы,
Ён мне здаецца магам-чарадзеем,
Што прыблукаў у гэты лес зімовы,
Каб нам вярнуць шчаслівую надзею.
Я за жыццё дзівос пабачыў многа —
Знарок прыдуманых, каб свет здзіўлялі,
Але чамусь яны амаль нічога
Да скарбаў памяці не дабаўлялі.
А гэта ў сэрцы залягло навечна:
На нізкіх нарах пасярод зямлянкі
Стары Сяткевіч — партызанскі фельчар —
На плечкі шчупленькія
лепіць банькі.