У мяне не забілі нікога — ні маці, ні жонкі,
ні брата.
Я не плакаў бяссоннаю ноччу ад горкае страты.
Ад чаго ж тады сэрца так хоча,
так прагне расплаты?
Мне на гэта адкажуць далёкі наднёманскі поплаў,
Плач дзяўчыны бабруйскай і мінскі
затоптаны попел.
Мне адкажуць сцяжынкі, якімі хадзіў па арэхі,
Адгукнецца мой голас у лесе сумуючым рэхам.
Я хацеў бы блукаць Белавежай на золаку росным,
Дзе з зубрамі сябруюць духмяныя гонкія сосны.
Я хацеў бы чытаць свае вершы Дзвіне і Бярозе
Ці з чачоткавым кіем у Слуцак ісці па дарозе.
Ды цяпер аднаму ні праехаць туды, ні прабіцца:
З аўтаматам стаіць на дарозе маёй чужаніца.
Ён абжорся нашым дабром,
Лой гніе на ваўчыных зубах.
Ён шчацінай зарос, як вяпрук,
Чорнай кроўю і тлушчам прапах.
Да талеркі маёй, дзе ляжаў
Ружаватага сала брус,
Прырастала яго губа,
Сліна капала на абрус.
I цяжкая каска яго на маім ляжала стале.
I бандыцкую кулю ён для мяне трымаў у ствале...
Не на тое мне дадзена сэрца,
Каб вораг яго прабіваў;
Не на тое мне дадзены вочы,
Каб злосна каршун іх кляваў;
Не на тое Радзіма мне ў рукі дала аўтамат,
Каб стаяў на дарозе маёй тройчы выкляты кат.
Не гадаю, з якое дарогі убачу я край любы мой —
Са Смаленскай, Чарнігаўскай
ці старажытнай Цвярской, —
Будзе дождж бушаваць ці аб каску звінець
будзе град —
Я ўвайду ў Беларусь, як байцы увайшлі
ў Сталінград.