З самай раніцы абход пачне —
I па Віленскай і Падніколлі.
Кажуць, быў кантужан на вайне,
I таму вось штосьці з ім такое.
Лістапад ці нават снегапад —
Тыя ж боты і кашуля тая.
I, хаця даўно ён не салдат,
Па-салдацку кожнага вітае.
Крочыць, не схіліўшы галавы,
Пасівелай, стрыжанай, вялікай.
Не крыўдуе, што чамусьці вы
Ані слова — хоць бы для прыліку.
Памяць доўга памірала ў ім,
Не пакінула ні крыўд, ні злосці.
Прывітанне, прывітанне ўсім —
Гэта ўсё, што ўменню засталося.
I зусім маўклівыя прад ім
Дрэвы, неба, галубы і лужыны.
Прывітанне, прывітанне ўсім —
Нібы ў сонца ён цяпер на службе.