Агонь

 

Я столькі бачыў агню,
Я столькі бачыў пажараў,
Што часам пра цішыню
Неяк збянтэжана мару.

Не пра цыбульны загон,
Не пра вішнёвы засценак —
Пра невялікі агонь
I пра вячэрнія цені.

Двое ці трое сяброў,
Шчырасць павольнай размовы,
Вецер з лугоў і бароў,
Сіні дымок сасновы,

Сала скрылёк на ражне,
Рэчка плюскоча пад крушняй.
I дамаўляемся дружна
Не гаварыць аб вайне,

Не дакранацца да ран —
Мы ваявалі чэсна...
Наіўны самападман,
Сам ад сябе не ўцячэш ты.

Толькі агонь шугане,
Толькі мы чаркі напоўнім,
Зноў аб вайне, аб вайне
Абавязкова ўспомнім.

Усе мы ў баях гартаваліся,
I не забыць нам страт.
Многія не дачакаліся
Ні цішыні, ні кастра.

Годы мае агнявыя!
Памяць навек устрывожана...
З намі сябры франтавыя
Каля агеньчыка кожнага.