Байцу, які першы ступіў на беларускую зямлю

 

Не знаю, хто ты — баявы уралец
Ці дужы, каранасты сібірак.
Падправіўшы спраўней паходны ранец,
Прайшоў ты першым па маіх барах.

Ты першы кроплі горкіх слёз сірочых
Сваёй рукой з дзіцячых твараў сцёр.
Ты першы паглядзеў прыветна ў вочы
Бацькоў маіх любімых і сясцёр.

Ты ў бой ішоў з пагардаю да смерці,
Каб ратаваць мой край.
Ты парадніў
Сябе навекі з беларускім сэрцам,
З дубровамі, з красою нашых ніў.

Усё, чым нашая зямля багата,
Цяпер тваё — і вішні пад акном,
I песні звонкія, і стромкіх сосен шаты,
I беларуса дом — твой родны дом.

Ты зноў у бой...
Над Нёманам далёкім
З надзеяй хвоі шэпчуць: «Ён ідзе!»
Ідзі, баец,
Хай будзе шлях твой лёгкім,
Хай куля не кране тваіх грудзей.

Ты будзеш жыць, ты жыць цяпер павінен
За тых, каго замучылі яны.
Ты стаў цяпер для многіх матак сынам,
Народжаным у цяжкі час вайны.

Па ўсёй зямлі разносіцца, як казка,
Твой кожны стрэл, твой кожны новы крок.
Ідзі, баец, ідзі, наш сокал ясны,
Цябе чакаюць Мінск і Беласток.