Балада пра мінёраў

 

Васілю Выкаву

Дваццаць гадоў
неадступнаю зданню
Былое трывожыць салдацкія сны...
Штоночы ўстаюць і ідуць на заданне
Хлопцы-мінёры апошняй вайны.

Топчуць боты палын прагорклы
I недаспелыя каласы.
Абнюхваюць
кожны грудок і пагорак
Мінашукальнікаў тупыя насы.

Здаецца,
вайна так даўно адгрымела.
Акопы быльнягом зараслі...
А мінёры ходзяць нясмела
Па зямлі.

Мінёры пад ногі глядзяць з апаскаю:
Не наступіць бы
праз дваццаць год
На выбух
ці на сябраву каску,
Прабітую навылёт.