Люблю бары, бярэзнікі і пушчы я...

 

Люблю бары, бярэзнікі і пушчы я
Яшчэ з ваеннай бежанскай пары.
Цярплівыя,
Маўклівыя,
Відушчыя,
Яны мае надзейныя сябры.
Ашчадныя,
Запаслівыя,
Шчодрыя,
Яны і мне прадоўжылі гады,
Калі дарылі кошыкамі, вёдрамі
Баравікі,
Чарніцы,
Жалуды.

Я помню іх гарэлымі і роснымі,
У пекле дыму,
холадзе дажджоў.
Я плакаў іх рабінамі і соснамі
Ля мінамі разбітых бліндажоў.

На ўзлесках і пад кронамі высокімі
Яны вучылі мудрасці без слоў —
Як сябраваць
з зязюлямі і сойкамі,
Як разумець
вавёрак і ласёў...

Стаю сярод паляны незадымленай,
Любуюся раскошаю зямной —
Як быццам зноў
чытаю вершы Пімена
I рэха паўтарае іх за мной.

А можа,
ён здалёк мне абзываецца,
Вясёлы,
заклапочаны лясун...
Я з пушчы і яму
капусту зайцаву
I сплюшчаную гільзу прынясу...