Калі зямля спакойна засынае...

 

Калі зямля спакойна засынае
I ў зорак нават сплюшчваюцца вейкі,
Тады здаецца,
што на цэлым свеце
Не спяць адны вартаўнікі.

А інвалідам і тады не спіцца,
Смыляць незарубцованыя раны,
I нудна, аднастайна, раўнадушна
Пратэзы ў цішыні начной рыпяць.

Успыхваюць у цемры папяросы —
I дым,
ад дум салдацкіх пасівелы,
Плыве,
плыве бясконцым Шляхам Млечным
I колькі год
ніяк не растае.

На вуліцу выходзяць інваліды,
Каля прысад пахаладзелых крочаць —
I быццам зноў ваенны вецер вее
I тысяча бароў пад ім рыпіць.

Яны ідуць
з прыгнутымі плячыма,
Нібы параненых таварышаў выносяць
З цяжкіх сваіх ваенных успамінаў,
З далекіх акрываўленых гадоў.

Бяссонніцу праносяць інваліды
Па вуліцах дваццатага стагоддзя.
I ў іх вачах гарыць, не патухае
Ці то чырвонае густое сонца,
Ці бітваў незакончаных агонь.

А на зямлі спакой світальны дрэмле,
I ў зорак сплюшчваюцца вейкі.
I ўсім здаецца,
што на цэлым свеце
Не спяць адны вартаўнікі.